Неад’емнае права на бацькоўскую любоў і клопат ёсць у кожнага дзіцяці. Права гэта прапісана ў міжнародных канвенцыях і канстытуцыях дзяржаў, але адносіцца, мабыць, да яшчэ больш высокай юрысдыкцыі: яно — ад Бога. А калі склалася так, што маленькі чалавек пазбаўлены бацькоўскай любові, на дапамогу можа прыйсці ўсынаўленне.

Але ўсынаўленне — вельмі сур’ёзны крок. Як да яго падрыхтавацца, пра што падумаць і як рэальна ацаніць свае сілы, мы спыталі ў дырэктара Нацыянальнага цэнтра ўсынаўлення Рэспублікі Беларусь Таццяны Бялевіч.


— Таццяна Аляксееўна, давайце разбяромся з тэрмінамі. Што з юрыдычнага пункту гледжання азначае тэрмін «усынаўленне»?

— Ключавы тэзіс, якім мы кіруемся ў сваёй дзейнасці, — «кожнае дзіця павінна жыць у сям’і». Гэта глабальная місія датычыцца не толькі ўладкавання дзяцей у замяшчальныя сем’і, але і работы па прафілактыцы сямейнага недабрабыту. Калі ўсё ж дзіця па нейкіх прычынах застаецца без бацькоўскага клопату, мы імкнёмся ўладкаваць яго на сямейныя формы выхавання. У нашай краіне існуе некалькі формаў сямейнага выхавання: усынаўленне (удачарэнне), апека (папячыцельства). Асобна можна вылучыць прыёмныя сем’і і дзіцячыя дамы сямейнага тыпу, якія ўяўляюць сабой інстытут так званага прафесійнага замяшчальнага бацькоўства, якому, дарэчы, у нашай краіне надаецца вельмі вялікая ўвага. Прыёмныя бацькі і бацькі-выхавальнікі — работнікі ўпраўлення і аддзелаў адукацыі, яны атрымліваюць зарплату, маюць магчымасць працоўнага водпуску і назапашваюць працоўны стаж. Дастаткова распаўсюджаны апека і папячыцельства, патранатнае выхаванне. Разам з тым у прыярытэце — нацыянальнае ўсынаўленне (усынаўленне міжнароднае — з’ява вельмі рэдкая, паколькі сваёй мэтай мы бачым, каб усе беларускія дзеці заставаліся жыць у сваёй краіне).

Згодна з заканадаўствам, усынаўленне — гэта заснаваны на судовым рашэнні юрыдычны акт, на падставе якога паміж усынавіцелем і ўсыноўленым узнікаюць такія ж правы і абавязкі, як паміж бацькамі і дзецьмі ў біялагічнай сям’і. Па сутнасці, усынаўленне — добраахвотнае прыняцце на сябе бацькоўскай ролі ў дачыненні да чужога дзіцяці.

— І дзіця можа нават не ведаць, што яно не роднае…

— Заканадаўства нашай краіны дае магчымасць захаваць таямніцу ўсынаўлення. Але сёння мы працуем над усвядомленасцю, і людзі разумеюць: дзіця мае права ведаць свае карані. Як правіла, на ўсынаўленне ідзе невялікая колькасць дзяцей да года-двух. У большасці выпадкаў гэта дзеці, якія прайшлі нялёгкі шлях. Мы не перашкаджаем таямніцы ўсынаўлення, але рэкамендуем усё ж знайсці магчымасць расказаць дзецям пра сітуацыю. Нашы псіхолагі часта дапамагаюць бацькам-усынавіцелям гэта зрабіць, могуць нават прысутнічаць пры такой размове. Дарэчы, найлепшы час для яе — узрост каля 10 гадоў: дзіця ўжо дастаткова дарослае, але бацькі для яго яшчэ з’яўляюцца аўтарытэтам. У падлеткавым узросце такая размова можа справакаваць выбух эмоцый, а бацькі рызыкуюць да завяршэння «пераходнага перыяду» страціць сваю каштоўнасць у вачах дзіцяці. Гэта ўзроставыя асаблівасці, і ад іх не сысці.

— Наколькі папулярнае цяпер усынаўленне ў нашым грамадстве? Сустракала інфармацыю, што ахвотных усынавіць дзіця ў Беларусі больш, чым дзяцей на ўсынаўленне…

— Гэта не зусім так, на жаль. Сапраўды, сёння ў лісце ўліку кандыдатаў ва ўсынавіцелі больш за 200 чалавек, якія «чакаюць сваё дзіця». Часам чаканне можа зацягнуцца і на год, і на два, бо шматлікія ўсынавіцелі арыентуюцца на стэрэатып, што дзіця павінна быць зусім маленькім, каб яго мінулая гісторыя не замінала ў пабудове іх сям’і. З усіх кандыдатаў-усынавіцеляў 95 % чакаюць маленькіх дзяцей да 6 гадоў, палова з іх — да года-двух. А такіх дзяцей у банку даных вельмі мала. І, вядома, сюды дадаецца пытанне здароўя (людзей, якія згодны ўсынавіць падлетка ці дзіця-інваліда, няшмат). Аднак спецыялістам Нацыянальнага цэнтра ўсынаўлення падчас размоў удаецца часам пераканаць кандыдатаў ва ўсынавіцелі ссунуць узроставую планку хаця б да 5-6 гадоў. Між тым, у рэспубліканскім банку даных большасць — гэта падлеткі. Чаму так адбываецца? Дзіця не адразу пазбаўляецца сваёй біялагічнай сям’і. З праблемнымі сем’ямі працуюць спецыялісты, часам — некалькі гадоў.

І ў банк даных дзіця часта трапляе ўжо ў дастаткова дарослым узросце. Тут на дапамогу прыходзіць рэсурс дзіцячых дамоў сямейнага тыпу, апека (папячыцельства), патранат. Дзякуючы такім формам уладкавання дзіця мае магчымасць атрымаць навыкі сацыялізацыі і сямейнае выхаванне, каб у далейшым яно магло пабудаваць уласную сям’ю па правільных прынцыпах.

«Усынавіцелі — самыя звычайныя людзі»

— Людзі, якія вырашаюць усынавіць дзіця, — хто яны?

— Асноўны матыў — гэта калі сямейная пара не можа мець дзяцей, і людзі хочуць рэалізавацца як бацькі, стаць для грамадства паўнавартаснай сям’ёй (бо перакананы, што ў сям’і павінны быць дзеці). Ёсць тыя, хто дасягнуў кар’ерных вышынь і матэрыяльнага дастатку і адчуваюць у душы незапатрабаваныя любоў і цеплыню, якімі жадаюць падзяліцца. Гэтыя людзі часам адважваюцца на ўсынаўленне падлетка або дзіцяці з праблемамі са здароўем. Але такіх, як правіла, сярод усынавіцеляў не больш за 5 %.

— Наколькі тыя, каго ўсынаўляюць, а таксама родныя дзеці ўсынавіцеляў могуць паўплываць на сітуацыю?

— Калі ідзе працэс усынаўлення, ва ўжо наяўных ва ўсынавіцеля дзяцей — родных або ўсыноўленых — пытаюцца аб іх меркаванні. Гэтыя дзеці нараўне з бацькамі праходзяць псіхалагічнае дыягнаставанне. Суддзя, прымаючы рашэнне, мае заключэнне псіхолага: як уласныя дзеці рэагуюць на з’яўленне ў сям’і яшчэ аднаго чалавека. І калі гэтая рэакцыя негатыўная, суд у сукупнасці іншых фактараў можа прыняць рашэнне аб адмове ва ўсынаўленні. Што ж датычыцца тых, у дачыненні да каго разглядаецца пытанне аб усынаўленні, пачынаючы з 10 гадоў іх меркаваннем цікавяцца, і, магчыма, яно будзе ключавым у прыняцці рашэння судом.

Задача спецыялістаў Нацыянальнага цэнтра ўсынаўлення — не толькі прапаноўваць дзяцей для наступнага ўсынаўлення, але і прымаць меры па актывізацыі гэтых працэсаў. Так, станоўча зарэкамендавала сябе анлайн-пляцоўка, якая дазваляе актывізаваць сямейнае ўладкаванне дзяцей-сірот — рэспубліканскі інфармацыйны партал. Больш як за 10 гадоў дзейнасці партала з яго дапамогай удалося ўладкаваць на выхаванне больш за 5000 дзяцей. Кожнае трэцяе дзіця, чыя анкета размешчана на партале, было ўладкавана ў сям’ю.

З узросту 10 гадоў дзіця дае згоду (нязгоду) на размяшчэнне інфармацыі аб ім на партале. Але, часам дзеці адказваюць адмовай. Скажам, у дзіцячых дамах сямейнага тыпу, дзіцячых гарадках і вёсках у іх ёсць сябры, кола зносін, створаны ўсе матэрыяльныя, псіхалагічныя, бытавыя ўмовы. І калі, дапусцім, праз 2-3 гады яны атрымаюць пашпарт і стануць дарослымі — навошта ім прывыкаць да новай сям’і?

— Якія патрабаванні прад’яўляюцца да кандыдатаў: жыллёвыя ўмовы, матэрыяльны дастатак, узрост?..

— Ёсць нарматыўна-прававыя акты, якія рэгламентуюць гэтыя пытанні. Крытэрыі дакладныя, але яны не высокія па парозе. Сярод нашых усынавіцеляў — людзі самыя звычайныя: касіры ў крамах, працоўныя заводаў, работнікі сельгаспрадпрыемстваў, інжынеры, бухгалтары... Калі вы працаздольны і адказны чалавек без псіхічных захворванняў і шкодных звычак, у вас ёсць усе шанцы стаць усынавіцелем.

— Колькі часу праходзіць з моманту, калі чалавек прымае рашэнне аб усынаўленні, і да моманту, калі ён становіцца ўсынавіцелем?

— Падрыхтоўка дакументаў доўжыцца каля трох месяцаў. Чалавек звяртаецца ва ўпраўленне адукацыі па месцы жыхарства. Спецыяліст апекі расказвае пра ўсе формы сямейнага ўладкавання, кансультуе па той форме, якая цікавіць грамадзяніна. Выдае пералік дакументаў, якія трэба сабраць, запісвае чалавека ў групу падрыхтоўкі кандыдатаў-усынавіцеляў пры сацыяльна-педагагічным цэнтры раёна. Нацыянальны цэнтр усынаўлення таксама рыхтуе групы кандыдатаў ва ўсынавіцелі. У межах праграмы падрыхтоўкі праводзяцца юрыдычныя кансультацыі, псіхалагічная дыягностыка, па яе выніках — карэкцыйныя заняткі. Спецыялісты расказваюць аб рызыках, тонкасцях узроставай псіхалогіі. Наш прынцып — сумленна папярэджваць аб усіх сітуацыях, якія могуць узнікнуць пры выхаванні чужога дзіцяці. У тэорыі ўсе думаюць: проста буду любіць як свайго. Але на тое, каб па-сапраўднаму палюбіць чужое дзіця, часам патрабуецца працяглы час. Адаптацыя адбываецца не ва ўсіх, і не заўсёды хутка.

— Як праходзіць знаёмства ўсынавіцеляў і дзіцяці?

Знаёмства — правільнае слова. Мы не дапускаем, каб дзіця выбіралі, як у краме. Калі падыходзіць чарга кандыдата, старшыя інспектары па ахове дзяцінства Нацыянальнага цэнтра ўсынаўлення прапаноўваюць анкеты тых дзяцей, якіх на дадзены момант можна ўсынавіць. Калі кандыдат-усынавіцель выказвае згоду на сустрэчу з канкрэтным дзіцем, яму выдаецца накіраванне, ён едзе ў тую ўстанову, дзе знаходзіцца дзіця, для знаёмства з ім. Знаёмства адбываецца ў прысутнасці спецыялістаў. Калі ўсё складваецца паспяхова, бацькі даюць згоду на ўсынаўленне і праходзяць усе ўстаноўленыя заканадаўствам юрыдычныя працэдуры.

«Правільны матыў — жаданне дарыць цеплыню і клопат»

— Ці бывае, што ўсыноўленае дзіця бацькам так і не ўдалося палюбіць?

— Бывае. Бывае і адваротны варыянт — дзіця не змагло прывязацца да сваіх усынавіцеляў. Але такія выпадкі рэдкія. Да гонару нашага грамадства хачу сказаць: беларусы — адказныя, спагадлівыя людзі, і выпадкі адмены ўсынаўлення ў нас сапраўды адзінкавыя.

— Чаму яны ўсё ж здараюцца?

— Часам бацькі не спраўляюцца з дыягназам дзіцяці: некаторыя дыягназы патрабуюць сур’ёзных матэрыяльных і фізічных затрат. Але бацькі не застаюцца сам-насам са сваімі праблемамі. Ад дзяржавы ёсць і педагагічная падтрымка, і сацыяльная, і медыцынская, і матэрыяльная. Так, да 16 гадоў на ўсыноўленае дзіця па заяве ўсынавіцеля выплачваецца штомесячная дапамога (сёння яна складае каля 500 рублёў). Наладжана сістэма сацыяльна-педагагічных цэнтраў, якія акажуць комплексную псіхолага-педагагічную падтрымку па любой праблеме.

Але значна больш частая прычына адмены — класічная неадпаведнасць «чаканне — рэальнасць», пераацэнка сваіх сіл. Ты бярэш трохгадовага «анёла», а праз 10 гадоў ён становіцца яршыстым падлеткам. Калі гэта родны падлетак, максімум, што ты можаш сказаць, — «татавы гены». А калі дзіця ўсыноўленае, закрадваецца думка: «Гэта гены яго асацыяльных бацькоў». Безумоўна, педагогі-псіхолагі працуюць з такімі сем’ямі, і ў многіх выпадках адводзяць іх ад цяжкага рашэння, наладжваюць паразуменне. Хачу падкрэсліць: дзеці, за плячыма якіх няпросты вопыт жыцця ў іх біялагічнай сям’і, больш эмпатычныя, чым тыя, у каго з самага пачатку ўсё было добра. Яны схільны цаніць дабро і спагаду. Усыноўленае дзіця хутчэй, чым роднае, даруе маці, нават калі яна ў нейкі момант сарвалася.

— А наколькі важная генетыка?

— Важная. Але сацыяльны аспект адыгрывае непараўнальна больш значную ролю. Аб «працэнтах» тут, вядома, казаць некарэктна, але «генетыка» — гэта нават не 50 % таго, якім вырасце чалавек, а значна менш. Калі дзіця трапляе ў сям’ю, дзе яго выхоўваюць з любоўю і клопатам, яно становіцца добрым чалавекам і паўнавартасным грамадзянінам.

— Каму б вы не раілі ўсынаўляць дзіця?

— Людзям, якія дакладна не вызначыліся, для чаго ім гэта трэба. У некаторых выпадках сапраўдныя матывы хаваюцца ўсынавіцелямі. Пераважна таму, што ўсынавіцель усведамляе: з такім матывам яму ніхто дзіця не аддасць. А часам чалавек і сам не ўсведамляе, што ім кіруе. Да такіх матываў адносяцца: жаданне захаваць сям’ю, утрымаць мужа (жонку); самасцвердзіцца ў вачах навакольных; атрымаць увагу і сацыяльную павагу за добры ўчынак; пазбавіцца ад комплексу непаўнацэннасці (у прафесіі я адбылася, замуж выйшла — таксама «птушачка», а вось у пытанні бацькоўства — прочырк). За кожным з гэтых матываў стаіць чаканне, што ўсынаўленне дапаможа вырашыць праблему і адчуць сябе шчаслівым. Але спроба вырашыць такія праблемы ўсынаўленнем, як паказвае вопыт, асуджана на няўдачу, бо «корань зла» тут — не ў адсутнасці дзяцей, а ў асобе ўсынавіцеля або яго ўнутрысямейных адносінах.

У тых выпадках, калі матыў не ўсведамляецца, чалавеку здаецца, што ёсць жаданне стаць маці (бацькам). Але калі дзіця з’яўляецца, яно чамусьці выклікае раздражненне, якое звязваецца з тым, што вам дасталася «дрэннае» дзіця. Калі ўсынаўленне не апраўдвае надзей, яно выклікае расчараванне. Пакуль вы не разберацеся ў сваіх праблемах, пабудаваць паўнацэнную сям’ю, дзе шчаслівыя і бацькі, і дзіця, не атрымаецца. Правільны матыў усынаўлення — жаданне дарыць цяпло сваёй душы, любоў і клопат. І, на шчасце, гэта самы распаўсюджаны матыў тых людзей, якія сёння звяртаюцца да нас.

Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ

Источник: https://zviazda.by/be/news/20241002/1727874044-ne-dapuskaem-kab-dzicya-vybirali-yak-u-krame