У ДУА «Глускі раённы сацыяльна-педагагічны цэнтр» 20.04.2022 года адбылося пасяджэнне клуба «Сям'я+». У рамках клуба педагогам-псіхолагам Марозавай Н.Л. быў праведзены занятак з элементамі трэнінгу на тэму «Арт-тэрапія. Здымаем напружанне».
Вядома, што часам даволі цяжка сфармуляваць узніклую псіхалагічную праблему. Чалавек можа адчуваць трывогу, неспакой, хваляванне, але зразумець, чаму гэта адбываецца – цяжка. Часам настолькі захлістваюць эмоцыі, што гэта не дае магчымасць разважаць ясна. У такіх выпадках на дапамогу прыходзіць арт-тэрапія.
З бацькамі былі праведзены практыкаванні, накіраваныя на аднаўленне псіхічнага стану, зняцце стомленасці, а таксама на раскрыццё творчага патэнцыялу. Удзельнікі сустрэчы з задавальненнем пагрузіліся ў творчую атмасферу, упрыгожваючы ўзорамі геаметрычныя кампазіцыі і сюжэты.
Для развіцця здольнасці канструктыўнага ўзаемадзеяння замяшчаючым бацькам было прапанавана практыкаванне «Парнае маляванне», падчас якога, пагутарыўшы з партнёрам, з дапамогай ліній, формаў і колеру трэба было стварыць сумесную карціну.
У канцы занятка для пазбаўлення ад стрэсу і негатыўных эмоцый было праведзена практыкаванне «Зендудлы». Метадычнае, няспешнае маляванне ў стылі зендудл дапамагло пагрузіцца глыбока ў сябе і сканцэнтравацца на пазітыве.
У завяршэнне мерапрыемства замяшчаючыя бацькі падзяліліся ўражаннямі ад сустрэчы, а таксама выказалі меркаванне аб эфектыўнасці выкарыстоўвання некаторых элементаў арт-тэрапіі ў працы з дзецьмі.
Сыцько В. У.,
ДУА «Глускі раённы
сацыяльна-педагагічны цэнтр»