Ёсць некалькі спосабаў прыняць дзіця, якое засталося без апекі бацькоў, на выхаванне ў сваю сям'ю. На мове спецыялістаў па сямейным ладзе дзяцей гэтыя спосабы называюцца формамі сямейнага ўладкавання дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў.

Найлепшым спосабам жыццяўладкавання кожнага дзіцяці з'яўляюцца жыццё і выхаванне ў роднай сям'і. У нашай краіне створана дзяржаўная сістэма падтрымкі сем'яў, якія выхоўваюць дзяцей http://mintrud.gov.by/ru.

Але часам здараецца, што родная сям'я не спраўляецца з выхаваннем і ўтрыманнем свайго дзіцяці, а сацыяльная дапамога і ўвага з боку дзяржаўных устаноў і спецыялістаў сістэмы аховы дзяцінства не выпраўляюць сітуацыю ў сям'і.

 

Чаму дзіця мае патрэбу ў новай сям'і?

Дзеці вельмі залежаць ад сваіх бацькоў. Яны не могуць жыць у сітуацыях пагарды і няўвагі з боку найбліжэйшых людзей. Здараецца, бацькі не былі гатовы да з'яўлення дзіцяці…

Часам бацькі абыякавыя да сваіх дзяцей, не займаюцца іх выхаваннем, не забяспечваюць дзяцей матэрыяльна, не прадпрымаюць спроб пазбавіцца ад залежнасцяў ( алкагалізму, наркаманіі), жорстка абыходзяцца з дзецьмі – тады рашэннем суда такія бацькі абмяжоўваюцца ў бацькоўскіх правах альбо пазбаўляюцца бацькоўскіх правоў...

Бывае, бацькі ўступаюць у канфлікт з законам, і іх дзеці вымушаны праводзіць усё сваё дзяцінства або яго значную частку ўдалечыні ад роднай сям'і, у той час, калі бацькі знаходзяцца ў месцах пазбаўлення волі…

Часам у сілу цяжкай і працяглай хваробы бацькі не могуць выконваць абавязкі па выхаванні і ўтрыманні сваіх дзяцей…

Рэдка, але здараецца, бацькі гінуць, і дзеці застаюцца сіротамі, а сваякі па нейкіх прычынах не могуць прыняць асірацелых у свае сем'і ці сваякоў проста няма…

Здараецца, адзінокая мама вырашае адмовіцца ад выхавання нованароджанага малога і дае пісьмовую згоду на ўсынаўленне дзіцяці староннімі асобамі…

У сілу гэтых і іншых трагічных абставін дзіця губляе родную сям'ю і трапляе ў сістэму аховы дзяцінства, дзе забеспячэннем яго дабрабыту займаюцца органы апекі і папячыцельства.

Дзецям, у якіх няма магчымасці расці ў роднай сям'і, дзяржава дае права жыць і выхоўвацца ў іншай сям'і. Сем'і, якія прынялі на выхаванне дзяцей, якім не пашчасціла расці ў родных сем'ях, называюцца замяшчаючыя сем'і.